Пн-Пт 18:00-21:00

Парк – галоўная пляцоўка надыходзячага свята

Усім вядома, што ў гэты час у нашым гарадскім парку рыхтуюцца да свята. Сапраўды, як толькі ўвойдзеш на яго тэрыторыю і агледзішся, ён нагадвае сабою вялікі мурашнік: дзясяткі людзей старанна працуюць, з усіх куткоў чуецца грукат тэхнікі, свіст піл. А гэта значыць, праца кіпіць і набліжаецца да завяршэння. Што ў выніку іванаўцы пабачаць пасля рэканструкцыі і якія мерапрыемствы будуць праходзіць у гарадскім парку ў Дзень беларускага пісьменства – у нашым сённяшнім рэпартажы.

Гарадскі парк – цэнтральная пляцоўка, на якой будуць праводзіцца асноўныя мерапрыемствы юбілейнага Дня беларускага пісьменства. Таму да падрыхтоўкі і кіраўніцтва, і будаўнікі ставяцца вельмі сур’ёзна. Пры самым уваходзе можна адразу заўважыць, што па ўсёй тэрыторыі парка, як жылкі, праляглі дарожкі. Яны пабудаваны па цікаваму прынцыпу: дзе раней былі сцежкі, вытаптаныя янаўцамі – відаць, дзе было зручней хадзіць – з’явіліся дарожкі, выкладзеныя пліткай. Таксама заасфальтаваны роварныя дарожкі. На сённяшні момант пліткай выкладзена 1632 м2 тратуараў, пакладзена асфальтабетону 3390 метраў. Па ўсім парку ўсталёўваюцца лаўкі і асвятленне.
Будуць радыя паходам у гэты куточак горада і маленькія жыхары Іванаўшчыны. Для іх усталёўваецца гульнявая пляцоўка з 18 комплексаў, раздзеленая на дзве ўзроставыя зоны: да 4 і ад 4 да 14 гадоў.
Для тых, хто цікавіцца спортам, таксама рыхтуюць падарунак: у сённяшні час будаўнікі ўсталёўваюць спартыўныя пляцоўкі. Наносяць спецыяльнае штучнае пакрыццё і агароджу па перыметры міні-футбольнага поля, робяць пляцоўку для гульні ў валейбол і баскетбол, варкаўта. Зараз заліваецца фундамент для спартыўных раздзявальняў, абсталяваных водаправодам, душавымі і прыбіральнямі.
Генпадрадчыкам аб’екта з’яўляецца Брэстаблдарбуд. Работы выконваюць яго падраздзяленні – Іванаўскае ДРБУ-139, Драгічынскае ДРБУ-177, Лунінецкае ДРБУ-101. Субпадрадчыкі – Іванаўскае ПМК-61, Брэсцкае ЭМУ-9, якое выконвае ўсе электрамантажныя работы.

 


Іванаўскае ЖКГ адказвае за ўпарадкаванне дрэў, вываз галля, карчаванне пнёў, паліў парка. Для азелянення тэрыторыі сеецца газон.
Да 20 жніўня ўсе асноўныя работы павінны быць скончаны. А да верасня гарадскі парк Перамогі прадстане перад жыхарамі і гасцямі горада ў гатовым абноўленым выглядзе ў якасці галоўнай пляцоўкі свята, бо ўсе самыя важныя моманты адбудуцца менавіта тут.
У парку будзе праходзіць урачыстая цырымонія адкрыцця Дня беларускага пісьменства «Малой радзіме пакланюся». Падчас святочнай імпрэзы адбудзецца ўзнагароджанне конкурса «Нацыянальная літаратурная прэмія-2018» аўтараў літаратурных твораў, выдадзеных у 2017 годзе. Таксама ў гарадскім парку госці стануць сведкамі літаратурна-мастацкай дзеі «Бачу Беларусь такой» — праграму, якую рыхтуе Саюз пісьменнікаў Беларусі, пад кіраўніцтвам Мікалая Чаргінца. У янаўцоў будзе добрая магчымасць сустрэцца і пачуць вядучых беларускіх пісьменнікаў, паэтаў, майстроў слова – усе яны выступяць са сваімі творамі. Тут жа адбудзецца рэспубліканская народна-патрыятычная акцыя Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі «Мы – разам!».
На цэнтральнай сцэнічнай пляцоўцы Дня беларускага пісьменства ў парку пройдзе адна з самых галоўных дзей свята – урачыстая цырымонія перадачы эстафеты свята гораду Слоніму Гродзенскай вобласці.
На закрыцці Дня беларускага пісьменства таксама будзе прадстаўлена цікавая праграма з удзелам зорак беларускай эстрады, лепшых калектываў Беларусі. Да ўсяго гэтага, будуць працаваць дзіцячыя, маладзёжныя, спартыўныя пляцоўкі. Правядуцца спаборніцтвы па футболе, валейболе. Па словах начальніка аддзела культуры Валянціны Андрэеўны Барадзінчык, карціна абяцае быць вельмі відовішчнай, а праграма – насычанай. Кожны знойдзе тут інтарэсы і заняткі па душы.
Да таго ж, у рамках Дня пісьменства ў Іванаве адбудзецца абласны плэнэр разьбяроў.
– Да нас прыедзе восем рэзчыкаў-мастакоў з усёй Беларусі. Большая частка ўдзельнікаў-майстроў – з Брэсцкай вобласці, але будуць і з Мінска, з Гродна. Усе яны прыязджаюць 20 жніўня і цэлы тыдзень будуць тварыць свае шэдэўры. Асноўная пляцоўка іх працы – сквер ля школы бондарства. Дзякуючы свайму таленту, уменню рук, яны будуць ствараць вобразы, хутчэй за ўсё, вядомых землякоў, глыбока дакрануўшыся да гісторыі нашага краю. Магчыма, мы пабачым вобраз Змітра Віталіна, Яна Пратасовіча, Марыі Бутаўт-Андрайковіч, а, можа, таксама і сучаснікаў. Да першага верасня гэтыя скульптуры будуць усталяваны ў гарадскім парку, адразу за цэнтральнай аркай уваходу. Закрыццё плэнэра адбудзецца тут жа, 1 верасня, дзе кожны мастак раскажа пра свой твор, а прысутным будзе прадстаўлена мажлівасць ацаніць яго, – прыадчыняе заслону будучага свята Валянціна Андрэеўна.
Іванаўцам у гэтым годзе вельмі пашанцавала: мы прымаем вялізную колькасць гасцей у фармаце рэспубліканскага свята і двух абласных конкурсаў. Адзін з іх – свята-конкурс «Фанфары-2018».
– Прыйдзецца вельмі папрацаваць, але гэта таго варта, каб падарыць людзям такую радасць. Да нас прыедзе 18 духавых аркестраў з усёй Брэсцкай вобласці. У парку 1 верасня пройдзе адбор, падчас якога будуць выбраны лепшыя калектывы, якія выйдуць у фінал. Сам фінал адбудзецца 2 верасня на пляцоўцы, каля раённага Цэнтра культуры і народных традыцый. Усе 18 калектываў прадставяць свае праграмы перад кампетэнтным журы, у склад якога ўвойдуць прафесіяналы, музыканты, якія па заслугах ацэняць выканаўчы ўзровень удзельнікаў. Мы можам ганарыцца, што сярод іх будзе і наш духавы аркестр. Хоць ён пакуль што і не мае звання «народны», але ўзровень яго настолькі высокі, што таксама ўключаны ў гэтую праграму. Радуе і тое, што на цырымоніі адкрыцця будуць выступаць тры іванаўскія калектывы.
Зараз у нас самая актыўная стадыя падрыхтоўкі, бо аб’ём праграмы вельмі вялікі. Тым больш, ва ўсё хочацца дабавіць нешта нашае, янаўское, асаблівае. Напрыклад, «Лабурская карчма», «Палескія вітылінгічы», «Янаўскія чытанні» і іншыя. Задумак шмат, думаю, мы ўсё паспеем, – паведаміла В. А. Барадзінчык.
Акрамя парка, 1 і 2 верасня будуць працаваць шмат іншых пляцовак: гэта і СШ№ 4 г. Іванава, раённы Цэнтр культуры і народных традыцый і тэрыторыя ля яго, раённая бібліятэка імя Ф.І. Панфёрава, Мотальскі музей народнай творчасці, плошча Кастрычніка, пляцоўка ля будынка пошты, вул. Леніна. Коратка аб усіх мерапрыемствах, якія плануюцца да Дня беларускага пісьменства, можна будзе прачытаць на старонках нашай газеты ў бліжэйшы час.

Фота Валерыя МІХАЛЬЧУКА.

Источник: http://www.janow.by/gazeta-yana-ski-kraj/nashi-rubriki/obshchestvo/park-galo-naya-plyatso-ka-nadykhodzyachaga-svyata

Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter

Популярные новости

Последние новости

Новости соседей

 

Новости по теме

VK
ОК
FB

 

События

Акции

Последние объявления

Популярные объявления

Контакты

Индивидуальный предприниматель
Устымчук Алексей Михайлович
Свидетельство № 290822611 выданное
Ивановским РИК от 26 января 2010 года.
УНП 290822611
225793, Брестская обл., г. Иваново,
ул. Чырвоная, 4, тел. +375-29-622-65-43
р/с BY47 PJCB 3013 5215 3210 0000 0000 0933
в Центр банковских услуг 506 «Приорбанк» ОАО,
код 749, ВІС PJCBBY2X

Мы в социальных сетях

Оплата услуг сайта Labur.by

© 2017 LABUR.BY Весь Янов тут.
0
Сохранили
0
Сохранили